Naka (naka_minsk) wrote,
Naka
naka_minsk

Наста Шпакоўская: «Не магу прымусіць сябе маўчаць»

 На беларускай сцэне зусім няшмат рок-камандаў з жаночым вакалам. Яшчэ меней сапраўдных харызматычных рок-сьпявачак. А тых, хто працяглы час пасьлядоўна і пасьпяхова змагаецца з стэрэатыпам, што рок-музыка — справа мужчынская, зусім вобмаль. Якраз з такіх — госьця сёньняшняй праграмы «Белы сьпіс Свабоды». Яна пачала музычную кар’еру, ужо зрабіўшы сабе імя на тэатральнай сцэне, і цягам гэтых сямі гадоў дасягнула посьпеху і ў музыцы. Яе гурт спачатку досыць гучна заявіў пра сябе ў Расеі. Каманда зь Менску была частым госьцем тамтэйшых буйных «піўных» фэстаў, песьні менчукоў трапілі ў шчыльную ратацыю рок-радыёстанцый, музыкі здабылі прыхільнасьць такіх аўтарытэтных асобаў, як Юры Шаўчук, Арцемій Троіцкі, Алег Гаркуша. А ўрэшце менскія музыкі пасябравалі з гуртам «Барто», вядомым праз сваю непрымірэнчую грамадзянскую пазыцыю. 

Вітаю ў студыі Насту Шпакоўскую, вакалістку гурту «Naka». 

— Наста, вы, як і ваша калега Маша Любічава з «Барто», не хаваеце сваёй пазыцыі і пэрыядычна публічна выказваецеся наконт падзеяў у краіне. Пасьля Плошчы 2006 году вы сталі на абарону гітарыста вашага гурту, затрыманага ў тую ноч. Потым правялі акцыю ў абарону касьцёла Сьвятога Язэпа. Адчуваеце ў сябе сілы нешта зьмяніць?

— Сытуацыя выглядае на «донкіхотаўскую», бо гэта барацьба зь ветракамі. Нешта зьмяніць, напэўна, ня здолею, я проста не магу прымусіць сябе маўчаць. 

— Той жа групе «Барто» прад’яўлялі ўжо абвінавачаньне ў экстрэмізьме за занадта жорсткія тэксты. Не баіцеся, што такое можа здарыцца і з вамі? 

— Гурт «Naka» ніколі ня быў палітычным. Да гэтага моманту не было напісана ніводнай вострасацыяльнай песьні, тым больш зь нецэнзурнымі выразамі, якая б заклікала людзей да гвалту ці да радыкальных дзеяньняў. Мы займаемся музыкай ад душы, на Плошчу ня клічам. Але гэта ня значыць, што людзі, якія граюць у гурце, пазбаўленыя грамадзянскай пазыцыі. Мы жывыя людзі і адэкватна бачым тое, што адбываецца наўкол. 

— На падзеі 19 сьнежня вы адгукнуліся песьняй «Всех забрали». Пэўна, з гэтай прычыны ваш гурт і ўнесьлі ў «чорны сьпіс». Чуў, што гэты факт вас нават парадаваў? 

— Узрадаваў ці засмуціў — ня тыя словы, якія сюды пасуюць. У мяне ёсьць складанасьці з нагоды ўсёй гэтай сытуацыі на асноўным месцы працы — у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры. Былі праведзеныя адпаведныя размовы са мной, так што мне складана гэта неяк адэкватна камэнтаваць, бо сытуацыя ня вартая таго. Аднак, міла — Усьпенскі з Чабурашкам, Кевін Спэйсі і гурт «Naka» ў адным сьпісе.. Мы выдалі міні-альбом зь песьнямі «Всех забрали» і «Собирайтесь». Акром як па назьве, яны аніяк не прывязаныя да тых падзей. Хоць я ня буду адмаўляць, што пэўны ўнутраны пасыл у іх ёсьць. Але не хачу я дадзеную сытуацыю камэнтаваць не таму, што баюся, а таму, што ня трэба яе паглыбляць, бо яна шызафрэнічная і недарэчная. У гэтым трагіфарсе не хачу браць удзел, хачу займацца творчасьцю, пісаць песьні. Непрыемна, што мы сутыкнуліся з тым, што ня можам цяпер зладзіць сольны канцэрт. Непрыемна, што тыя людзі, якія запрашаюць нас на зборны канцэрт, ня могуць напісаць назву нашага гурту на афішы. Аднак, міла — Усьпенскі з Чабурашкам, Кевін Спэйсі і гурт «Naka» ў адным сьпісе. 

— Так сталася, што ў Беларусі «Naka» гучна пра сябе заявіла паранаўнальна нядаўна. У 2009-м музыкі запісалі беларускамоўны гіт «Бяжы», і ў тым самым годзе Наста атрымала статус «Рок-князёўны». Наста, ці будзе працяг беларускамоўнай творчасьці?

— Я не люблю паразытаваць на нечым. У мяне няма такой зададзенасьці — пісаць песьні для беларускамоўнай аўдыторыі або пісаць па-расейску, каб паехаць у Маскву. Так склалася, што мы запісалі некалькі песень на беларускай мове. Гэта ні з чым канкрэтна не зьвязана. Мне хацелася напісаць на мове, мне радасна, што ўсё ўдалося, яны мне вельмі блізкія і яны пра тое, што адбываецца ўнутры мяне і ў музыкантаў гурту «Naka». 

— Па традыцыі прапаную вам выканаць адну зь песень ужывую ў студыі «Свабоды». 

— Гэта будзе наша новая беларускамоўная песьня. Акром прэм’еры самога твора будзе яшчэ і прэм’ера нашага новага музыканта — гітарыста Паўла Трыпуця, чалавека, які зусім нядаўна зьявіўся ў гурце пасьля паўгадавога пошуку. Таму сёньня падвойная прэм’ера. Песьня завецца «У баі».
http://www.svaboda.org/content/transcript/24176611.html

Tags: интервью, радио
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 3 comments